Адбылася творчая вечарына Віктара Лыскаўца «Запрашаю цябе»


25 лютага 2020 года ў Вялікай зале сталічнай Дзіцячай музычнай школы мастацтваў №1 імя Л.П.Александроўскай адбылася творчая вечарына аўтара музыкі, выкладчыка па цымбалах гэтай навучальнай установы Віктара Лыскаўца. Новая аўтарская канцэртная праграма пад назвай «Запрашаю цябе» змясціла маленечкую частку напісанага аўтарам, сабраўшы на сцэне ўдзельнікаў у агульнай колькасці каля 70 чалавек. Выступы з удзелам вучняў і настаўнікаў школы і шматлікіх запрошаных артыстаў ішлі без антракту больш за дзве гадзіны.

Вялікі творчы патэнцыял кампазітара аб’яднаў у канцэрце розныя музычныя жанры і стылёвыя напрамкі. Выступілі розныя калектывы і выканаўцы, сярод якіх лаўрэаты рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, стыпендыяты спецыяльнага фонда Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Прагучалі таксама і прэм’еры. Канцэрт быў адзначаны карэспандэнтамі беларускага выдавецтва газеты «Культура»: у №10 за 7 сакавіка выйшаў вялікі артыкул пад назвай «З цымбаламі да зорак». Прафесійны відэазапіс канцэрта пад назвай «Творческий вечер автора музыки Виктора Лысковца» цяпер размешчаны ў шырокім доступе на рэсурсе YouTube.

Вельмі важную галіну творчасці кампазітара складае музыка для дзяцей. Разнастайнасць сюжэтаў і вобразаў у яго музычных творах, мелодыі з гарманічнымі разыначкамі і стылістычная разнапланавасць вельмі падабаюцца дзецям-выканаўцам. Акрамя музыкі для цымбал прагучалі творы і для іншых інструментаў: фартэпіяна, скрыпка, віяланчэль, домра.

Выкарыстоўваючы спецыфічныя прыёмы гуказдабывання на інструментах, аўтар упрыгожыў гучанне твораў яшчэ і рознымі спадручнымі інструментамі. Канцэртмайстры маглі іграць адной рукой на раялі, а другой рукой адначасова на банґо, каробачцы ці на вялізным барабане.

Распачаўся канцэрт фартэпіянным творам «Пяшчотныя белыя аблокі», які выканаў юны піяніст Мар’ян Цароў. Для Мар’яна ўдзел у вечарыне і размовы з жывым кампазітарам пра музыку ў працэсе падрыхтоўкі сталі сапраўдным адкрыццём, улічваючы, як ён любіць імправізаваць на інструменце і ствараць свае варыяцыі на тэмы твораў, якія ў дадзены момант вывучае на фартэпіяна разам са сваім настаўнікам Яўгенам Ігаравічам Гальцовым.

Юная скрыпачка Эмілія Пекун, будучы ў ролі Беласнежкі, нечакана для ўсіх напрыканцы твора стала крышачку прытанцоўваць са званочкам. Дамрыстка Аксана Кузняцова, паводле задумы аўтара, падчас выканання музыкі паспела нават паразмаўляць па тэлефоне са сваёй сяброўкай.

А ў юнага цымбаліста Анатоля Лыскаўца адбыўся зусім «цыркавы нумар». Пасярэдзіне «Рускай танцавальнай» у яго з рукі выскачыла цымбальная палачка і хлопцу прыйшлося іграць частку твора адной рукой, пакуль бацька не вынес з-за куліс дадатковыя палачкі. Але ён не разгубіўся і пасля, на біс, яскрава і з захапленнем выканаў разам з татам і канцэртмайстрам «Польку ўтраіх», незвычайную тым, што Анатоль і Віктар Міхайлавіч ігралі ў чатыры рукі на адных цымбалах з розных бакоў.

Акрамя вучняў нашай школы, удзел прыняла і вучаніца Дзіцячай музычнай школы мастацтваў №19 Аліса Балацэвіч. Нягледзячы на тое, што гэта быў яе першы выхад на такую велізарную сцэну, ёй настолькі падабаўся вывучаны ёю твор «Слонік, які згубіўся», што музыка пераадолела хваляванне.

Нечаканым і вельмі прыемным сюрпрызам для гледачоў прагучала Касмічная сюіта «Сола для планет з аркестрам». Атрымаўся свайго рода маленечкі спектакль: у зале пагасла святло, за цымбаламі з’явілася шырма, на якую была скіравана праекцыя зорнага неба, «выканаўцы-планеты» (Улляна Негадовіч і Галіна Пятрова) выплывалі з цемры на сцэну ў аблоках сцэнічнага дыма ў фантастычных балахонах і сваёй музыкай у стылі авангард пагрузілі слухачоў у сапраўднае відовішча. Трэба адзначыць прафесіяналізм піяністкі Вольгі Пермяковай, якая выконвала сваю партыю на раялі амаль у поўнай цемры. І акрамя гэтага, па задуме аўтара, іграла спецыфічным прыёмам піцыката па адкрытых струнах раяля, пераносячы гукамі ўсіх слухачоў у сапраўдную касмічную прастору.

Выканаўцы ўсходняй музычнай фантазіі «Пах кветак язміну» паўсталі для гледачоў ў абліччах чароўнай усходняй прынцэсы і раджы, што праз усю залу нёс за ёй празрыста танюткі шлейф.

Не сакрэт, што тэатралізацыя канцэртных праграм і асобных нумароў – гэта адна з найбольш актуальных сучасных тэндэнцый у галіне музычнага мастацтва. Імкнучыся да «сінкрэтызму мастацтваў», выкладчык і кампазітар Віктар Лыскавец тым самым атрымлівае выдатны сродак выхавання ў дзяцей любові не толькі да музыкі і свайго інструмента, але і да творчасці ўвогуле.

Такое імкненне Віктара Міхайлавіча да сінтэзу відаў мастацтва прывяло ў свой час і да стварэння меладэкламацыйных твораў з удзелам беларускай паэтэсы Таццяны Шчытовай. Музычна-літаратурны санет «Кропелькі расы на пялёстках чырвоных руж» проста растапіў сэрцы слухачоў. Пакуль цымбалістка музычнага каледжа імя М.І.Глінкі Лізавета Груздава захапляла слых сваімі авангарднымі музычнымі сугуччамі, паэтэса хадзіла па глядацкай зале сярод слухачоў, чытаючы пад музыку сваю чароўную паэзію.

Яшчэ адзін з такіх твораў быў прадстаўлены ўпершыню як сапраўдны творчы эксперымент! Ажыццявіўшы сінтэз музыкі, паэзіі, балета і фанаграммы, кампазітар стварыў казачную фантастычную баладу пад назвай «Крыштальнае Сэрца». Вобраз Крыштальнага Сэрца ўвасабляла сабой артыстка Ballet-Studio Настасся Федарцова. Ізноў па рэжысёрскай задуме аўтара, танцуючы на пуантах вакол маладога піяніста Яўгена Гальцова, яна раптам завязала яму вочы акурат падчас ігры на інструменце. І далей піяніст мусіў іграць на раялі досыць віртуозную і няпростую для выканання партыю з заплюшчанымі вачыма і з адчуваннем лёгкасці, нібы ён імправізуе на сцэне, гэтак сымбалізуючы вызваленне чалавека ад халоднага і бяздушнага наваколля. Паводле самога аўтара музыкі, выканаўцы справіліся з пастаўленай задачай «на самым вышэйшым узроўні», такім чынам творчы эксперымент атрымаўся.

Сярод удзельнікаў канцэрта былі таксама і харавыя калектывы. Звяртаючыся ў сваёй творчасці да сур’ёзнай духоўнай тэматыкі, аўтар стварыў больш за 100 харавых твораў для праваслаўных багаслужэнняў. Два гады таму Свята-Елісавецінскі манастыр выдаў кампакт-дыск з яго праваслаўнымі песняспевамі. З цягам часу творы сталі ўваходзіць і ў рэпертуар розных калектываў, а таксама выконвацца на канцэртах. Некаторыя з іх і былі пранікнённа і малітоўна выкананы на аўтарскім вечары Маладзёжным камерным хорам «Фрэска», Народнай харавой капэлай БНТУ, а таксама ўзорным дзіцячым хорам «Элегія» СШ №43 г.Мінска.

У канцэрце ўдзельнічаў і былы аднакурснік віноўніка ўрачыстасці Сяргей Гладкі, яго добры сябра і па сумяшчальніцтву другі дырыжор сімфанічнага аркестра МДМК імя М.І.Глінкі. Але на гэтым канцэрце Сяргей паўстаў у незвычайнай для сябе ролі – у ролі піяніста, падрыхтаваўшы спецыяльна для гэтай канцэртнай праграмы «Вальс-успамін» у апрацоўцы для фартэпіяна сола.

Далей на сцэне з’явілася апранутая ў яркую чырвоную сукенку студэнтка Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Вікторыя Жданава і сваёй нагэтулькі ж яркай і віртуознай ігрой на цымбалах нібы запрасіла слухачоў пабываць у вясёлай гішпанскай таверне.

Задуменна памарыць і перанесціся ў сусвет сваіх ўнутраных пачуццяў і летуценняў пад мелодыю зорнага неба дапамаглі ўсім выкладчыца школы па класе віяланчэлі Валянціна Гарбацікава і канцэртмайстар Таццяна Герасіменка.

Вельмі мілагучна і шчыра прагучала народная песня-быліна «А ў бары, бары» ў выкананні вакалісткі Наталлі Вальковай.

Апафеозам усяго канцэрта стала буйная музычна-літаратурная кампазіцыя ў сямі частках «Па старонках старажытнага летапісу». Твор быў выкананы малым камерным струнным аркестрам «Gloria», з удзелам разнастайных салістаў (вакалісты, электрагітара, флейта) у суправаджэнні ўрачыстага гучання аргана, а таксама аздоблены мілагучным беларускім словам аўтарскай паэзіі члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэата міжнароднага літаратурнага конкурсу, паэтэсы Вольгі Шпакевіч.

Напрыканцы імпрэзы ў выкананні знанага філарманічнага саліста, заслужанага артыста Беларусі Ігара Задарожнага прагучала песня «Запрашаю цябе!», якая і падаравала сваю назву канцэрту.

Стварыць урачысты настрой і надаць ясную форму канцэрту дапамагла вядоўца – непаўторная Таццяна Афоніна, музыказнаўца і выкладчыца першай мінскай музычнай школы.

Выкладаючы ў школе інструмент цымбалы і прывіваючы сваім вучням любоў да музыкі і творчасці, Віктар Міхайлавіч адначасова супрацоўнічае з рознымі музыкантамі і артыстамі, як акадэмічнага так і эстраднага напрамку, стварае сумесныя творы з беларускімі паэтамі. Музыка Віктара Лыскаўца сёння гучыць і выконваецца як у нашай краіне так і па-за яе межамі (Францыя, ЗША, Польшча, Расія, Украіна). Зычым Віктару Міхайлавічу і яго навучэнцам далейшых поспехаў, цікавых імпрэз і шмат новых творчых мерапрыемстваў!