Адбыліся канцэрты фартэпіяннага аддзялення «Вясновы калейдаскоп»


5 і 6 сакавіка 2020 года ў Малой зале Дзіцячай музычнай школы мастацтваў №1 імя Л.П.Александроўскай г. Мінска адбыліся два канцэрты пад агульнай назвай «Вясновы калейдаскоп». Такі своеасаблівы міні-фэст фартэпіяннай музыкі традыцыйна праводзіцца сіламі навучэнцаў і выкладчыкаў школы напярэдадні Міжнароднага жаночага дня – свята вясны, цяпла і надзеі.

Сёлетнія канцэрты можна характэрызаваць кампактнасцю і яснасцю формы і разам з гэтым разнастайнасцю рэпертуару: прагучалі як заўжды вядомыя і папулярныя творы Баха, Шумана і Чайкоўскага, так і досыць экзатычныя сачыненні, якія нячаста сустракаюцца ў рэпертуары навучэнцаў ДМШ – накшталт джазавай «Такаціны» Мікалая Капусціна ў выкананні Настассі Шымчак.

Не магло абыйсціся на канцэрце без творчасці Людвіга ван Бетховена, бо ў гэтым годзе спаўняецца 250 гадоў з дня нараджэння вялікага кампазітара. Прагучалі сусветна вядомая першая частка санаты фа мінор Op. 2 №1 у выкананні Надзеі Дорум – будучай выпускніцы школы – і твор пад характэрнай назвай «Развітанне з фартэпіяна» – таксама ў выкананні выпускніцы 2019-2020 навучальнага года Любові Салагуб.

Вядоўца канцэртаў Таццяна Леанідаўна Афоніна як заўсёды вельмі тонка і прафесійна аб’яднала музычны калейдаскоп, даўшы выступам юных артыстаў інтэлектуальна і эмацыйна напоўненае музыказнаўчае суправаджэнне.

Застаецца перадаць ад слухачоў шчырую падзяку ўсім нашым навучэнцам і іх настаўнікам і выказаць спадзеў на як мага хутчэйшы працяг цікавых творчых сустрэч ў сценах школы і па-за яе межамі!